Заснавальнікам музея, які адкрыўся ў 1927 г., стаў настаўнік геаграфіі Максім Емяльянавіч Бруй. Музей пачынаўся з традыцыйнага школьнага кутка прыроды і гісторыі. Вучні разам са сваім настаўнікам збіралі прадметы археалогіі, рэчы адыходзячага побыту, кнігі. Каля дзвюх тысяч прадметаў налічвала даваенная калекцыя музея: камплекты адзення, прадметы побыту і этнаграфіі, рукапісныя і друкаваныя выданні. Першапачаткова музей быў размешчаны ў адным з пакояў Народнага дома.
У гады акупацыі Турава нямецкімі захопнікамі ўвесь сабраны матэрыял быў цалкам знішчаны. Пасля вайны музей аднавіў сваю дзейнасць у маі 1950 г. Размяшчаўся ён у фае гарадскога Дома культуры. У гэты перыяд экспазіцыя музея была падзелена на тры раздзелы: прырода краю; дарэвалюцыйнае мінулае; сацыялістычнае будаўніцтва. Пачынаючы з 1952 года вядзецца ўліковая дакументацыя, чытаюцца лекцыі, праходзяць сустрэчы, праводзяцца экскурсіі. На 1 студзеня 1961 года асноўны фонд музея налічваў 1291 адзінку. Яго аснову складалі прадметы побыту, адзенне, прырода, нумізматыка, Археалогія, дакументы. У 1959 годзе было прынята рашэнне Тураўскага райвыканкама «аб будаўніцтве раённага краязнаўчага музея ў г.п. Тураве». Быў выдзелены ўчастак і зацверджана каштарыс. Аднак будаўніцтва так і не пачалося, таму што ў 1962 г.быў скасаваны Тураўскі раён, а г. п. Тураў трапіў у падпарадкаванне Жыткавіч, якія ў той час дынамічна развіваліся. У гэты перыяд значная ўвага надавалася наладжванню ўліку экспанатаў, папаўненню фондаў, правядзенню масавых мерапрыемстваў. На закупку экспанатаў аддзел вылучаў грашовыя сродкі. Умацоўвалася матэрыяльная база. У канцы 1978 г. музей пераязджае ў памяшканне былой дапаможнай школы, дзе размяшчаецца і цяпер. За гэты час фонд музея значна вырас і налічвае цяпер больш за 12000 адзінак. Былі сфарміраваны цікавыя калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нумізматыкі, этнаграфіі і побыту, дакументаў, фотаматэрыялаў і г.д. Музейная экспазіцыя ў сучасным выглядзе была аформлена ў 1989 г., тады ж было набыта неабходнае для экспазіцыі абсталяванне, афармленне праведзена на мастацкім узроўні.
Тут пералічаныя самыя асноўныя падзеі ў гісторыі музея.