Кафедральны сабор у гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх

Першыя звесткі аб кафедральным саборы ў Тураве адносяцца да XII стагоддзя. У XIII стагоддзі велічны храм быў разбураны. У ходзе татарскіх набегаў былое ўдзельнае Тураўскае княства страціла палітычнае значэнне, але не страціла духоўнага аўтарытэту. У пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве свяшчэннамучаніка Мітрафана, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага, пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва сабора. Але пачатак Першай сусветнай вайны, бальшавіцкі пераварот, грамадзянская вайна і тэрор адтэрмінавалі пачынанне свяціцеля на стагоддзе. Участак пад будаўніцтва сабора быў выдзелены ў 2008 годзе па асабістым указанні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 5 лістапада 2009 года ўзвядзенне храма блаславіў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. 11 мая 2010 года Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам быў закладзены першы камень у падмурак будучага сабора. На працягу 2011 года на сабор былі паднятыя купалы і крыжы, а таксама быў закладзены падмурак званіцы. 11 мая 2013 года адбылося ўрачыстае асвячэнне кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Сабор пабудаваны ў старажытным візантыйскім стылі. Вышыня двухпавярховага сабора разам з крыжам - 32 метры. Верхні храм-мясціна свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція, а ніжні – прападобных Барыса і Марціна Тураўскіх. На саборы ўстаноўлены дзевяць званоў, адлітых у расійскім горадзе Варонежы. Самы вялікі з іх важыць 1,3 тоны.

2 мая 2021 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваючы ў праваслаўны Вялікдзень кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве, перадаў у дар храму адноўленую святыню - напрастольны Тураўскі крыж, які быў страчаны пасля землятрусу, які разбурыў сабор у XIII стагоддзі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў сімвалічнасць таго, што менавіта ў дзень светлага Вялікадня ў галоўны праваслаўны храм горада вяртаецца адна з сакральных святынь Беларусі. "Дабро і святло заўсёды вяртаюцца да людзей. Нават праз стагоддзі", - сказаў прэзідэнт. Праца над гэтым крыжам ішла тры гады. "У калядныя дні, уручаючы прэмію "За духоўнае адраджэнне", у тым ліку і аўтарам адноўленай святыні, я казаў: жыццё такое кароткае, дык давайце не марнаваць яго на пустаслоўе і разбурэнне", - сказаў беларускі кіраўнік. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму як прэзідэнту пашанцавала быць датычным да аднаўлення беларускіх святынь, уключаючы Крыж Еўфрасінні Полацкай, а цяпер - Тураўскага крыжа. На працягу апошніх некалькіх гадоў у Беларусі вялася праца па аднаўленні Напрастольнага крыжа Тураўскай епархіі XII-XIII стагоддзяў. Ён адносіцца да ваздвізальных (напрастольных) крыжоў візантыйскіх і старажытнарускіх храмаў. Да іх жа адносіцца і яшчэ адна вядомая беларуская святыня - крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Яшчэ ў 1962 годзе падчас раскопак тураўскага гарадзішча на пласце XII-XIII стагоддзяў былі выяўленыя чатыры свінцовыя абразкі - маці Ісуса Хрыста і трох святых. На думку навукоўцаў, яны як раз размяшчаліся на напрастольным крыжы. Сам крыж быў галоўнай святыняй Тураўскай епархіі і захоўваўся на троне кафедральнага сабора горада. Вядома, што храм быў разбураны землятрусам у першай палове XIII стагоддзя. У апошнія гады было прынята рашэнне ўзнавіць Тураўскі крыж. Адпаведнае даручэнне было дадзена прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 16 чэрвеня 2017 года падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У жніўні 2019 года канцэпцыю Тураўскага крыжа зацвердзіў тагачасны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, а ўжо восенню пачаліся работы па яго вырабе. Па сярэднявечных тэхналогіях былі выраблены два ідэнтычныя крыжы - для Тураўскай епархіі і для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У капліцы, уладкаванай у двары сабора, змешчаны адзін з двухметровых тураўскіх каменных крыжоў. Да гэтага ён захоўваўся ў Тураўскай Усесвяцкай царкве, дзе па-ранейшаму знаходзіцца яшчэ адзін крыж. Паводле легенды, каменныя крыжы калісьці па рэках Прыпяць і Дняпро супраць плыні прыплылі ў Тураў.