Царква адкрыта ў 1980 годзе падчас святкавання 1000-годдзя горада. Пабудавана ў 1802 годзе протаіерэем Антоніем Лойкам. Пра гэта паведамляе Малікаў Я. Р. на праведзенай у 2015 годзе навукова-практычнай канферэнцыі «гістарычная спадчына горада Турава». У сваім артыкуле ён спасылаецца на кліравыя ведамасці, якія складаліся на кожны храм па паветах, апісвалі як матэрыяльны бок жыцця парафіі (колькасць вернікаў, прыбытак за год, стан храма), так і стан святароў (колькасць, адукацыя, склад сям'і), а таксама прыпісаныя да храмаў беспрыходскія цэрквы і капліцы. У кнізе " Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі. Мазырскі павет", даецца такое апісанне: ,,Найстаражытнейшай царквой у м. Тураве ў цяперашні час лічыцца могілкавая, у імя Ўсіх Святых, яна пабудавана ў 1802 годзе дбаннем протаіерэя Лойка". Паводле дадзеных сярэдзіны 19 стагоддзя, службы ў царкве праводзіліся толькі па тыднях усіх святых. У 2012 годзе выдавецтва " Беларуская энцыклапедыя ім. П. Броўкі " выдала альбом фотаздымкаў, зробленых беларускім этнографам І. А. Сербавым у 1911-1912 гг. падчас навуковай экспедыцыі. Сярод гэтых фатаграфій прысутнічае шэраг фотаздымкаў, зробленых у Тураве ў 1912 г., у тым ліку два здымкі з выявай царквы на могілках. На абедзвюх фотаздымках прадстаўлены невялікі трохсрубны храм, у якім усе прамавугольныя зрубы выстаўлены па адной лініі: бабінец пад званіцай – галоўнае памяшканне – апсіда. Пры гэтым усе тры зрубы накрытыя асобнымі дахамі – над бабінцам на другім паверсе размешчана вежа з чатырохсхільным дахам, галоўнае памяшканне храма крыху больш за астатнія зрубы і накрыта высокім чатырохсхільным дахам, да якога значна ніжэй далучаны трохсхільны дах над апсідай. Кожная з дахаў завяршаецца невялікай вежкай з цыбулінкай і шасціканцовым металічным крыжам. Такая кампазіцыя храма, пры якой кожны зруб завяршаўся сваім асобным дахам, у цэлым уласцівая беларускай архітэктуры 17-18 стст., у тым ліку і Палескай, што пацвярджаецца і вядомымі аналагамі – царква 1724 г. у Давыд-Гарадку Столінскага р-на, царква 1765 г. у в. Скарадное Ельскага р-на. Відавочна, што за час існавання храма ў 20 ст. ён быў значна перабудаваны - яго даўжыня павялічылася амаль удвая: значна падоўжаная ўваходная частка; алтарная частка стала больш вузкай (роўная па шырыні з бабінцам), але і даўжэйшай, да яе дадаткова прыбудавалі гранёную апсіду; першапачатковыя асобныя дахі над кожным перакрыццем былі заменены на двухсхільныя над усім храмам. За апошні час у храме Ўсіх Святых абнавіліся два абразы 17 стагоддзя. Цудам выяўлены абраз Анёла-Ахоўніка, з якой былі зроблены дзверы прыбудовы храма. Таксама, асабліва шануецца абраз з вобразамі Тураўскіх святых: свяціцеляў Кірыла, Лаўрэнція (з часціцай мошчаў) і прападобнага Марціна. У храме Ўсіх Святых з правага боку знаходзіцца адзін з дзесяці каменных крыжоў, прыплылі згодна падання ў 10 стагоддзі з Кіева ў Тураў па рацэ супраць плыні.